Урок истории Беларуси

Дзяржаўная ўстанова адукацыі

"Клясціцкая  дзіцячы сад-сярэдняя школа

імя У.А. Хамчаноўскага Расонскага раёна"

РусскийБеларускiEnglish
Карта сайта Электронное обращение На главную

Меню

Главная
Проход по ссылкам навигации

Горячие новости

13.10.2018
Праздничный концерт "Родной матери улыбка"

подробнее...

12.10.2018
Родительское собрание

подробнее...

12.10.2018
Спортландия "Мама, папа, я - спортивная семья"!

подробнее...

12.10.2018
Поздравим маму вместе

подробнее...

10.10.2018
Уроки безопасности

подробнее...

Контактная информация

Адрес: 211463 аг.Клястицы ул. Центральная 60

Телефон: 5-49-98

Адрес электронной почты: klya_sh@vitebsk.by

статистика посещений

Яндекс.Метрика

индекс цитирования

индекс цитирования

 

Тэма  ўрока  “Наш край у гады Вялікай Айчыннай вайны”

 

 

Мэта: замацаванне ведаў вучняў па гісторыі Расоншчыны.

Задачы :

- Паглыбіць веды вучняў пра падзеі на тэрыторыі Расонскага раёна падчас Вялікай Айчыннай вайны на аснове краязнаўчага матэрыялу.

- Паказаць трагічнае становішча насельніцтва у час ваенных падзей, подзвіг беларускага народа ў барацьбе з фашызмам на прыкладзе жыхароў нашай мясцовасці.

-Прадоўжыць фарміраване ўменняў і навыкаў работы ў камандзе.

-Стымуляваць  даданне краязнаўчых пошукаў ў навучэнцаў.

 

Настаўнік:Як вы лічыце з чаго пачынаецца Радзіма?

Настаўнік:Для кожнага чалавека яна  пачынаецца з роднага дома і блізкіх людзей. Але гэта не толькі наша малая Радзіма, гэта яшчэ і наша краіна, у якой мы жывём. Для нас гэта-Рэспубліка Беларусь. (гучыць гімн).

Настаўнік:Якія вам вядомы гістарычныя падзеі, якія  звязаны з нашым Расонскім краем?

Настаўнік:   Бачыце колькі іх!  Ёсць як станоўчыя, так і адмоўныя. Як напрыклад , Вялікая Айчыннай вайна. Вялікая Айчыннай вайна стала цяжкім выпрабаваннем для беларускага народа. Да пачатку верасня 1941 года уся тэрыторыя Беларусі была захоплена гітлераўскімі войскамі.  І зараз  я прапаную больш дакладна яшчэ раз даведацца пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, якія адбываліся на тэрыторыі Расоншчыны.

Дзецям прапануецца падзяліцца на 2 каманды (даследчыкі і журналісты)

і папрацаваць з кнігамі “Памяць”, “Памяць Беларусі”……,сродкамі  інтэрнэт-рэсурсаў (матэрыяламі  нацыянальнага архіва)   і знайсці інфармацыю пра падзеі  Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыя Расонскага краю па наступным плане:

 

  1. Пачатак вайны.
  2. Акупацыйны рэжым.
  3. Карныя аперацыі супраць мірных жыхароў.
  4. Жыццё  насельніцтва ў няволі.
  5. Падпольны рух.
  6. Партызанскі рух.
  7. Вызваленне.

(Даследчыкі шукаюць, журналісты выпісваюць).

 

 

 

 

 

Вучань:

Пачатак Вялікай Айчыннай вайны.

Першы дзень вайны пачаўся ў Расонах зусім мірна. На гэты дзень у райцэнтры быў назначаны сход раённага партактыву, на які выносіліся важныя гаспадарчыя пытанні – аб уборцы ўраджаю і правядзенні меліярацыі на вялікім масіве пад назвай Сівы мох. Аб нападзе гітлераўцаў стала вядома толькі перад пачаткам сходу. Адразу былі абмеркаваны першапачатковыя задачы, якія паўсталі ў новых умовах. Старшыням сельсаветаў былі дадзены заданні па ажыццяўленні мабілізацыйных планаў. Старшыні калгасаў выехалі на месцы для арганізацыі палявых работ. У полі спела добрая збажына, трэба было касіць травы, рыхтаваць корм для калгаснага статку на зіму. Вестка аб нападзе фашыстаў выклікала здзіўленне, абурэнне, трывогу, аднак панікі не было.

На наступны дзень у сельсаветы і райваенкамат пацягнуліся мужчыны з вёсак. Многія ішлі, не чакаючыпавестак. Па першай мабілізацыі з раёна былі прызваны каля 2,5 тыс. чалавек. Большая іх частка была накіравана ў Полацкі ўмацаваны раён – у 50-ю стралковую дывізію, 24-ы асобны кулямётны батальён, 357-ы гаўбічна-артылерыйскі полк і іншыя часці, а таксама на станцыю Сычоўка Смаленскай вобласці.

Ужо 24 чэрвеня была атрымана дырэктыва ЦК КП(б)Б усім абкомам, райкомам КП(б)Б і выканкамам раённых Саветаў дэпутатаў працоўных усходніх абласцей рэспублікі аб арганізацыі барацьбы з варожымі дыверсантамі-парашутыстамі. У ёй перасцерагалася кіраўніцтва раёна, што фашысты закідваюць у савецкі тыл дыверсантаў для падрыву мастоў, шляхоў зносін, знішчэння ліній сувязі.

У канцы чэрвеня, калі пагроза акупацыі раёна нямецкімі войскамі стала рэальнай, пачалася эвакуацыя на ўсход калгаснай тэхнікі і жывёлы. З захаду праз раён цягнуліся бясконцыя калоны бежанцаў.

З 29 чэрвеня пачаліся баі часцей Полацкага ўмацаванага раёна з войскамі  23-га армейскага і 57-га матарызаванага карпусоў гітлераўцаў, якія імкнуліся захапіць Полацк. У гэтых баях прынялі ўдзел многія ўраджэнцы Расонскага раёна.

Каб не дапусціць далейшага руху фашыстаў па рацэ Дрыса, пачалося будаўніцтва ўмацаванага раёна, на якое мабілізавалі насельніцтва Асвейскага, Дрысенскага, Полацкага і Расонскага раёнаў.

Вучням прапаноўваецца праслухаць аудыёзапіс “Священная война”.

 

 

 

Вучань:

Акупацыйны рэжым.

Мірнае насельніцтва Расон на працягу ўсіх баявых дзеянняў неразрыўна было звязана з партызанамі і падпольшчыкамі, дапамагала ім, нягледзячы на жорсткі і бязлітасны “новы парадак” акупацыйнага рэжыму.

17 ліпеня 1941 года тэрыторыя Расонскага раёна была акупіравана гітлераўцамі. Былі ліквідаваны савецкія органы ўлады і на іх месцы для эфектыўнага кіравання ўсімі сферамі жыцця былі арганізаваны акупацыйныя органы ўлады. Любое супраціўленне акупацыйным уладам каралася смерцю.

Зверствам фашыстаў не было канца. Як толькі не здзекваліся яны над нашым народам, які лічылі непаўнацэнным, ды і над іншымі народамі таксама. Але ўсё ж такі не хочацца верыць, што гэтыя, калі меркаваць па знешнім выглядзе, істоты, падобныя на чалавека, маглі паводзіць сябе, як жывёлы. Ды і не кожная жывёла будзе без мэты забіваць сабе падобную. На жаль, выходзіць, людзі хужэй за жывёл. Самым сумным і жудасным вынікам дзеянняў фашыстаў сталі вогненныя вёскі. Вёскі, якія фашысты, а гэта  людзі, якія прыйшлі з краіны са шматвекавой гісторыяй і культурай, спалілі. Не стала выключэннем і дарагая нам Расоншчына.

Вёскі Абразеева, Аніськава, Булы, Галоўчыцы, Гарбачэва, Забор’е, Жарнасекі, Канстанцінава, Клясціцы, Межава, Ніўе, Папаратнае, Пірагі, Сяляўшчына,Юхавічы...Усе і не пералічыць – іх на шматпакутнай Расонскай зямлі 199! Усе яны сталі вогненнымі.Так іх называлі тыя, хто гарэў разам з імі, каго забівалі ў родных сценах. Вогненнымі яны сталі для загінуўшых у агні, для жывых, цудам уцалелых, яны таксама засталіся ў памяці вогненнымі. Ад іх гарачага болю няма спакою.

Страшэнная памяць і праўда тых дзён – гэта юнацтва, лепшыя гады жыцця чалавечага для большасці з тых сведкаў, што жывуць сёння. Пачатак і росквіт іх жыцця быў перакрэслены жудаснай смерцю родных, уласнай смерцю, у лапах якой пабывалі самі.

 

Вучням прапануецца відэазапіс жывых сведкаў з успамінамі.

 Вучань:

Карныя аперацыі супраць мірных жыхароў.

У раёне няма ніводнага сельсавета, населеныя пункты якогаўцалелі б ад агню карнікаў. Пачынаючы з лета 1942г., мірныя жыхары Расоншчыны бесперапынна падвяргаліся расправам і знішчэнню. Насельніцтва, а гэта ў асноўным жанчыны, старыя, дзеці, прынялі на сябе ўдар, накіраваны на знішчэнне партызанскага краю, сталі ахвярамі помсты і расправы за сувязь з партызанамі.

Найбольш буйнымі карнымі аперацыямі на тэрыторыі Расоншчыны сталі:

“Пантэра” №32  - кодавая назва карнай аперацыі гітлераўцаў супраць мясцовага насельніцтва і партызан, якая была арганізавана ў жніўні 1942г. Праводзілася сіламі 2 батальёнаў з мэтай знішчэння партызанскіх атрадаў. Аднак знішчыць або рассеяць партызан і ўстанавіць кантроль над тэрыторыяй Расоншчыны не ўдалося. У раёне аперацыі карнікі расстралялі каля 100 мясцовых жыхароў, захапілі 475 галоў жывёлы.

“Заяц-бяляк” – карная аперацыя супраць партызан і мірнага насельніцтва Расонска-Асвейскай партызанскай зоны, якая праходзіла з 28 студзеня па 13 лютага 1943г. Карнікі наступалі па збежных напрамках з раёнаў воз. Язна і ст. Дрэтунь з мэтай прыціснуць партызан да чыгункі Полацк – Ідрыца і знішчыць сустрэчным ударам з боку воз. Асвейскае. Аб’яднаныя сілы партызан 11 лютага перайшлі ў контрнаступленне і да 15 лютага выцеснілі праціўніка з Расонскага раёна.

14 лютага 1943г. амаль адначасова на ўсходзе і захадзе Віцебскай вобласці гітлераўцы пачалі новыя карныя аперацыі “Шаравая маланка” і “Зімовае чараўніцтва” з мэтаю ўзяць рэванш за няўдачу ў гэтай аперацыі. У час аперацыі “Заяц-бяляк” карнікі знішчылі ў Расонскім раёне па няпоўных дадзеных 877 жыхароў.

“Зімовае чараўніцтва” -пад такой  назвай 14 лютага – 20 сакавіка 1943г. праводзілася карная аперацыя супраць партызан Расонска-Асвейскай зоны і мясцовага насельніцтва ў трохвугольніку Себеж – Асвея – Полацк. У аперацыі ўдзельнічала карная групоўка “Берта”. Сумеснымі ўдарамі з фронту і тылу партызаны Віцебскай і Калінінскай абласцей і Латвіі нанеслі карнікам цяжкія страты і вымусілі іх адступіць. У ходзе аперацыі гітлераўцы забілі і спалілі жывымі 3500 мясцовых жыхароў, 2000 вывезлі на катаржныя работы ў Германію, больш за 1000 дзяцей – у Саласпілскі лагер смерці ў Латвію. Аднак фашыстам не ўдалося знішчыць партызан і ліквідаваць партызанскую зону.

“Генрых” – назва кодавай аперацыі захопнікаў супраць партызанскіх брыгад і мясцовага насельніцтва Расонска-Асвейскай партызанскай зоны, Латвійскай партызанскай брыгады, 13 партызанскіх брыгад Калінінскай вобласці. Аперацыя праводзілася ў раёне, абмежаваным чыгункай і шашэйнымі дарогамі Себеж – Пустошка, Пустошка – Невель – Полацк, Полацк – Дрыса, Дрыса – Асвея – Себеж, 31 кастрычніка – 9 лістапада 1943г.  Аперацыя праходзіла пад агульным кіраўніцтвам спецыяльна ўпаўнаважанага Гімлера па барацьбе з партызанамі обергрупенфюрэра СС Баха–Залеўскага. Аперацыя “Генрых” пачалася з масіраваных паветраных удараў па вёсках, больш за 20 з іх былі спалены фашыстамі. Падпольныя партыйныя органы, камандаванне партызанскіх брыгад прынялі меры для выратавання жыхароў. 7 лістапада партызаны Расонскай брыгады імя Сталіна каля в. Слабада акружылі і поўнасцю знішчылі карны батальён 2-га паліцэйскага палка.

Так, у выніку правядзення карных аперацый “Пантэра”, “Заяц-бяляк”, “Зімовае чараўніцтва”, “Генрых”, на тэрыторыі Бірузоўскага сельсавета былі знішчаны 224 мірныя жыхары, Гарбачэўскага – 717, Дварышчанскага – 129, Марачкоўскага – 185, Сакалішчанскага – 118, Расонскага пасялковага савета – 526 жыхароў. Былі поўнасцю спалены і не адрадзіліся вёскі Ваўкова, Велле, Гарэлая Яма, Гуйды, Плігаўкі, Ражнова.


389 мірных жыхароў Янкавіцкага сельсавета былі спалены, расстраляны, па-зверску забіты акупантамі. Вогненнымі сталі вёскі-партызанкі Аверкава, Булгакі, Гараны, Прыхабы, Рудня, Сяляўшчына. 36 чалавек не вярнулася з партызан, 423 жыхары сельсавета загінулі, абараняючы Радзіму ў радах Чырвонай Арміі. Такой дарагой цаной заплацілі людзі за вызваленне роднай зямлі.Усе яны ўвекавечаны ў мемарыяльным комплексе “Хатынь”. Засталіся шматлікія сведкі вялікай трагедыі, якую перажылі людзі... Іх боль і страх перажытага ўскалыхвае, прымушае біцца сэрца, як тады – у сорак другім, сорак трэцім, сорак чацвёртым...

Найбольшыя страты па колькасці загінуўшых мірных жыхароў панесла насельніцтва Гарбачэўскага сельсавета. У ваеннае ліхалецце ахвярамі буйных карных аперацый супраць партызан і мясцовага насельніцтва Расоншчыны ў студзені-лютым 1943г. сталі жыхары вёсак Вяраціна, Жулёнкі, Заблудоўе, Канашонкі, Куляшова, Старына, Скрабуны, а таксама Межава, Рылі, Шэвіна, Гарэлая Яма.  Гэтыя вёскі былі спалены. Усе 22 двары згарэлі ў вёсцы Гарэлая Яма. Не змагла яна ўзняцца і пасля вайны. Вёска Гарэлая Яма ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе “Хатынь”. 717

Вучань прапаноўвае інфармацыю нацыянальнага архіва.           Дадатак 1.

 

Вучань:

Жыццё ў няволі.

За тры гады акупацыі фашысты расстралялі, павесілі, спалілі і закатавалі каля 4000 жыхароў Расонскага раёна, вывезлі ў нямецкае рабства больш як 1500 мірных грамадзян, спалілі 199 вёсак. Не паддаецца ўліку колькасць памерлых ад тыфу і іншых хвароб...


  Асабліва нечалавечыя здзекі выпалі на долю тых няшчасных, якія трапілі ў фашысцкія канцлагеры. У Клясціцах, на месцы былой пякарні, знаходзіўся канцлагер. Будынак, калісьці даваўшы людзям жыццё, хлеб, стаў іх болем. Туды фашысты зганялі людзей,якіх вылавілі ў лясах.Тых, хто хацеў збегчы,чакала смерць.        


А вось сведчанне другога вязня Мурзо Вольгі Ягораўны: “Мне было тады 5гадоў. Запомніўся такі эпізод на ўсё жыццё, калі адна дзяўчынка  дастала прыгоршню хлебных  крошак і падала мне. Яны былі з пяском і смеццем, але я іх смактала як цукеркі. Шмат людзей памірала і іх выкідвалі ў яму,якая была каля барака”.Сведчанне былога вязня Садоўскай Рэгіны Ісакаўны:  “Народу ў бараку было многа. Кожную раніцу прыходзіў немец і гнаў ўсіх на работу. Ніколі не забуду маленькую дзяўчынку, якая была абмарожаная яшчэ зімою. Ад болю яна крычала дзень і ноч, хутка памерла. Кармілі гнілой бульбай і буракамі. Спалі на саломе.Днём дазвалялі выходзіць на вуліцу”.

Такім чынам, фашысцкі акупацыйны рэжым быў накіраваны на фізічнае вынішчэнне большай часткі насельніцтва Беларусі. Але, нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі і запалохванне, мірнае насельніцтва падымалася на барацьбу супраць ворага.

Вучань:

Падпольны рух.

Адначасова ў 1941 годзе з зараджэннем партызанскага руху на Расоншчыне пачала фарміравацца і пашырацца сетка падпольных арганізацый. У першыя дні акупацыі стварылася падпольная група ў райцэнтры.

Расонскае падполле

Са жніўня 1941 г. у Расонах пачало дзейнічаць партыйна-камсамольскае падполле, якім да канца 1941 г. кіравалі Расонскія падпольныя райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ. Яго арганізатарам і кіраўніком стаў настаўнік Расонскай сярэдняй школы П.М. Машэраў. Падполле аб’ядноўвала 38 патрыётаў. Узначальваў арганізацыю камітэт, у які ўваходзілі П.М. Машэраў, Е.Л. і С.Б. Пятроўскія, П.А. Галанава (Машэрава), А.С. і С.І. Язутавы, М.П. Шаркова, М.М. Міхайлоўская, У.А. Шаблоў, Л.А. Валковіч. Пазней да падпольшчыкаў далучыліся чырвонаармейцы, якія ўцяклі з палону. Да канца 1941 г. пад кіраўніцтвам камітэта, які стаў штабам Расонскай арганізацыі, былі створаны і дзейнічалі падпольныя групы ў вёсках Альбрэхтава (кіраўнік П.А. Альшанікаў), Грачушына (У.А. Яфрэменка), Ражнова (М.М. Іваноў), Пірагі (У.А. Хамчаноўскі), Шалашнікі (М.Я. і П.Я. Гігелевы), Клясціцы (С.П. Пархімовіч, І.М. Малахаў, Б.Я. Руба), Мілавіды, Ізбішча, Роўнае Поле, Сінск, Фаміно, Юхавічы і інш. Камітэт Расонскай арганізацыі падтрымліваў сувязі з Гарбачэва-Мурагоўскай, Заборскай, Межаўскай, Сельніцка-Краснапольскай, Сакалішчанскай партыйна-камсамольскімі падпольнымі арганізацыямі, а таксама Прошкаўскім камсамольска-маладзёжным падполлем. На канспіратыўных кватэрах праводзіліся камсамольскія сходы, пасяджэнні штаба, распрацоўваліся планы, даваліся заданні кіраўнікам груп на месцах.

З дапамогай радыёпрыёмнікаў, устаноўленых на квартэрах С.Б. Пятроўскага і М.П. Юр’ян, падпольшчыкі Галанава, Шаркова, Пятроўскі прымалі зводкі Саўінфармбюро, якія потым распаўсюджвалі вусна і ў лістоўках у Расонах і ў многіх вёсках раёна. Падпольшчыкі выкарыстоўвалі ілжывую фашысцкую прапаганду аб маланкавай вайне, уздымалі насельніцтва на барацьбу з ворагам. Каб забяспечыць падпольшчыкаў нямецкімі дакументамі, паводле рашэння камітэта некалькі чалавек уладкаваліся на работу ва ўстанову акупантаў, дзе здабывалі бланкі пашпартоў, даведак і іншых дакументаў. Пад выглядам выканання службовых абавязкаў яны ажыццяўлялі сувязь з іншымі падпольнымі арганізацыямі, збіралі разведдадзеныя, рыхтавалі дыверсіі. З дапамогай жыхароў мястэчка Расоны была выведзена са строю электрастанцыя, узарваны мост, знішчана тысяча тон падрыхтаванай акупантамі бульбы. Падпольшчыкі перашкаджалі вывозіць да чыгункі збожжа, мяса, масла і іншыя прадукты, адабраныя фашыстамі ў насельніцтва.

Галоўнай сваёй задачай падпольшчыкі лічылі ўзброеную барацьбу з ворагам. Яны сталі ініцыятарамі разгортвання ў раёне масавага партызанскага руху. Рыхтуючыся да партызанскай барацьбы, патрыёты ўсюды збіралі зброю і боепрыпасы. Члены Шалашніцкай групы здабылі 2 ручныя кулямёты, 5 вінтовак, некалькі скрынак кулямётных стужак з патронамі, шмат гранат. Вялікую работу па зборы зброі і боепрыпасаў правялі члены Альбрэхтаўскай, Мілавідскай і іншых груп. Партыёты нарыхтоўвалі адзенне, абутак, харчы для партызан, фураж для коней. Падпольшчыкі, якія працавалі ў бальніцы, рыхтавалі медыкаменты, перавязачныя сродкі. Каб выратаваць сем’і ад рэпрэсій, кіраўніцтва камітэта распрацавала падрабязны план адыходу падпольшчыкаў ад партызан. Першы пад выглядам паездкі да радні 19 красавіка пайшоў у партызаны П.М. Машэраў. У тым жа месяцы да яго далучыліся яшчэ 18 падпольшчыкаў, якія склалі ядро партызанскага атрада Дубняка (названы паводле падпольнага псеўданіма яго камандзіра П.М. Машэрава). Да восені 1942 года амаль усе расонскія падпольшчыкі сталі партызанамі.

У барацьбе супраць гітлераўскіх акупантаў загінулі 12 падпольшчыкаў: М.Я. і П.Я. Гігелевы, П.Я. Язутава (Емяльянава), І.М. Малахаў, Ф.І. Масальская, Д.П. Машэрава, М.М. Міхайлоўская, Е.Л. Пятроўская, Б.Я. Руба, У.А. Хамчаноўскі. Памяць аб патрыётах Расонскага падполля ўвекавечана ў г.п.Расоны ў мемарыяльным комплексе, узведзеным у парку на месцы пахавання савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў, якія загінулі ў гады вайны. На будынку Расонскай сярэдняй школы ў 1972 г. у гонар падполля ўстаноўлена мемарыяльная дошка. У 1979 годзе на месцы расстрэлу падпольшчыкаў пастаўлены помнік. П.М. Машэраў і У.А. Хамчаноўскі ўзнагароджаны званнем Герой Савецкага Саюза.

Вучань:

Партызанскі рух. Мірнае насельніцтва Расон на працягу ўсіх

баявых дзеянняў неразрыўна было звязана з партызанамі і падпольшчыкамі, дапамагала ім, нягледзячы на жорсткі і бязлітасны “новы парадак” акупацыйнага рэжыму.

Нягледзячы на ваенныя дзеянні, працягваў сваю працу (калі адкрыта, калі падпольна) Расонскі РК КП(б)Б, сакратарамі якога былі В.Я. Лапенка, Белы, Гудына, Майкоў і В.В. Петрачэнка. Барацьбой жа камсамольцаў і моладзі ў глыбокім тыле ворага кіраваў Расонскі РК ЛКСМБ. Менавіта з яго дапамогай ствараліся новыя партызанскія атрады, праводзілася агітацыйная работа. А            

I-я Клясціцкая міжраённая камсамольская канферэнцыя, якая адбылася 5 красавіка 1943 г., стала кульмінацыйным момантам у працы Расонскага камсамола ў час Вялікай Айчыннай вайны.

Першыя партызаны на Расоншчыне вялі з ворагам сапраўды гераічную барацьбу. Не было яшчэ вопыту партызанскай барацьбы і жыцця, не хапала зброі, адсутнічала пастаянная сувязь з насельніцтвам. Нямногія з іх выжылі, але менавіта яны запалілі факел патрыятызму, паклалі пачатак самаадданай барацьбе партызан і падпольшчыкаў на Расоншчыне.

Гітлераўскае камандаванне прымала энергічныя меры, каб у зародку задушыць партызанскі рух. Рэгулярна з гарнізонаў у Невелі, Расонах, Дрэтуні накіроўваліся падраздзяленні баявых і ахоўных войскаў для знішчэння атрадаў імя В.I. Чапаева і імя В.П. Чкалава.

Атрад імя М.А. Шчорса пад камандаваннем П.М. Машэрава лічыўся адным з самых перадавых і мабільных на Расоншчыне.

Ядро партызанскага атрада, як і ядро падпольнай арганізацыі, якой таксама кіраваў Пётр Міронавіч (яго падпольная мянушка – Дубняк), складалі настаўнікі і іх вучні.

Вучань:

Вызваленне Расонскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Пасля Курскай бітвы 1943 года войскі Чырвонай Арміі перайшлі ў контрнаступленне на шырокім фронце. У кастрычніку 1943 г. фронт ушчыльную падышоў і да межаў Расонскага раёна. Асноўныя баі за яго вызваленне разгарнуліся ў лістападзе 1943 года.

 4 лістапада 1943 г. часці 119-й стралковай дывізіі падышлі да ўсходняй граніцы Расонскага раёна.

5 лістапада 1943 г. 365-ы полк 119 дывізіі зламаў супраціўленне фашыстаў у раёне в. Слабада і працягваў наступленне ў напрамку ст. Дрэтунь.

12 лістапада 1943 г. ноччу моцным контрударам адна рота асобнага лыжнага батальёна 219-й дывізіі авалодала вёскамі Заусвечча, Харавітава і Бяззубенкі.  Пасля тыдня цяжкіх баёў савецкія войскі вызвалілі ўсходнюю частку раёна, дайшоўшы да возера Нешчарда. Было вызвалена каля 50 населеных пунктаў. Аднак у ходзе няспынных баёў 119-я і 219-я стралковыя дывізіі таксама панеслі цяжкія страты. Быў патрэбны адпачынак. Абодва бакі перайшлі да абароны.7 лістапада 1943 г. у Расонскі раён уступіла 101-я Казахская асобная стралковая брыгада.

У сакавіку 1944 г. пачаліся актыўныя баявыя дзеянні на тэрыторыі раёна. Упартыя баі разгарнуліся ў раёне вёсак Марыніца, Лешы і Кіслухі. У баі смерцю храбрых загінуў камандзір 101-й брыгады палкоўнік Іван Фёдаравіч Вараб’ёў.

10-27 ліпеня 1944 г. войскі 2-га Прыбалтыйскага фронта ажыццявілі Рэжыцка-Дзвінскую наступальную аперацыю, у ходзе якой быў вызвалены райцэнтр.

12 ліпеня 1944 г. падраздзяленні 1341-га стралковага палка каля 5гадзін раніцы выйшлі на рубеж ст. Расона -  в. Альбрэхтава. У баі вызначыліся кулямётчыкі 2-га батальёна пад камандаваннем капітана Жукава. Кулямётчык Януль выкаціў свой кулямёт наперад баявых парадкаў 4-й роты і адкрыў агонь па варожым кулямёце, знішчыў яго разлік і забяспечыў далейшае прасоўванне роты. Мужна змагаліся байцы і афіцэры батальёна маёра Смірнова.

 14 ліпеня 1944 года ўся тэрыторыя Расонскага раёна была поўнасцю вызвалена ад фашысцкіх захопнікаў.

У вызваленні раёна прымалі ўдзел 219-я Ідрыцкая Чырванасцяжнаястралковая дывізія (камандзір палкоўнік В.Р. Каваленка), 31-я Дзвінская стралковая дывізія (камандзір палкоўнік Дз.А. Дулаў), 101-я асобная Казахская стралковая брыгада (камандзір Н.Л. Аліеў), 119-я стралковая дывізія (камандзір генерал-маёр І.I. Харун) і іншыя часці 2-га Прыбалтыйскага фронта.

Заключнае слова настаўніка:

Дзякуючы гэтаму  занятку  мы змаглі яшчэ раз дакрануцца да мінулага нашага роднага краю, успомніць трагічныя гістарычныя падзеі Расоншчыны.


 
Літаратура:

  1. Великая Отечественная война советского народа (в контексте Второй мировой войны): Учеб. пособие для 11 кл. , А.А. Коваленя, М.А. Краснова и др. Мн., 2004.
  2. “Памяць” Гісторыка-дакументальная хроніка Расонскага раёна, Б.І. Сачанка,Я.В. Малашэвіч, М.М. Курловіч, Мн., 1994.
  3. “Памяць Беларусі” рэспубліканская кніга, Мн.,  “БЭ”,2005.
  4. http:www. narb.by.